ПЕДАГАГІ́ЧНЫЯ ТАВАРЫ́СТВЫ,
грамадскія арг-цыі асветнага, навук., дабрачыннага, місіянерскага характару. Узніклі ў Расіі ў канцы 18 — пач. 19 ст. Мелі на мэце пашырэнне пісьменнасці і асветы, удзел у распрацоўцы актуальных праблем тэорыі і практыкі, навучання і выхавання, садзейнічанне розным відам пазашкольнай, жаночай і прафесійнай адукацыі. На Беларусі П.т. ўзніклі ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў Віцебску (1897), Мінску (1901), Магілёве (1901), Брэсце і Гродне (1907). Магілёўскае П.т. мела філіялы ў Быхаве, Гомелі, Горках, Калінкавічах, Мсціславе, Оршы, Рагачове, Чавусах і Чэрыкаве (1909—10). Т-вы займаліся распаўсюджваннем метадаў і прыёмаў навучання і выхавання, перадавых пед. ідэй, абменам вопытам выкладчыцкай працы, папулярызацыяй падручнікаў і дапаможнікаў, павышэннем кваліфікацыі настаўнікаў. У пач. 20 ст. некат. т-вы выдавалі часопісы: «Педагогическое дело», «Белорусский учитель» і «Белорусский учительский вестник». У 1972 створана рэсп. П.т. У канцы 1980 — пач. 1990-х г. узніклі новыя т-вы, якія займаюцца пытаннямі беларускамоўнага навучання і выхавання, рознымі аспектамі пед. дзейнасці: Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны (з 1989), Гарадскі бацькоўскі к-т беларускамоўных школ і класаў Мінска (з 1988), Бел. асацыяцыя дырэктараў школ (з 1989), Асацыяцыя бел. настаўнікаў (з 1991), Т-ва бел. школы (з 1996) і інш.
А.Ю.Лозка, М.Р.Марчанка.
т. 12, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)